Арганізацыя работы па навучанні дзяцей
асновам бяспечнай жыццядзейнасці ва
ўстанове дашкольнай адукацыі
Практычна кожны чалавек хоць адзін раз у жыцці аказваўся ў экстрымальнай сітуацыі, якая патрабавала максімальнага напружання волі і сіл, умення хутка ацэньваць здарэнне і выбраць найбольш эфектыўны спосаб абароны ці выратавання. Самая неабароненая і слабая частка насельніцтва - дзеці. Неабходнасць навучання дзяцей асновам бяспекі жыццядзейнасці падцвярджаецца статыстыкай пажараў і няшчасных выпадкаў з удзелам дзяцей.
Мэты, задачы і змест работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці вызначаны вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі і накіраваны на:
- азнаямленне са стыхійнымі з’явамі прыроды (землетрасенне, навальніца, град, бура, павадак і др.), іх утварэннем, характэрнымі прызнакамі, негатэўнымі наступствамі;
- развіццё разумення небяспекі агню, электрычнага току, навучанне правілам пажарнай бяспекі, фарміраванне ўмення хутка знаходзіць правільны выхад з надзвычайнай сітуацыі;
- фарміраванне асцярожных адносін да лекаў і хімічных прэпаратаў (ртуць у тэрмометры, ядахімікаты супраць шкоднікаў саду і агароду, тавары бытавой хіміі);
- абагачэнне ведаў аб ядавітых раслінах;
- навучанне правілам дарожнага руху, паводзін на вадзе, бяспецы паводзін каля гаспадарчых ёмкасцей, недапусцімасці гульні пры купанні ў ванне;
- навучанне правілам паводзін каб не згубіцца, а таксама правільным дзеянныям у выпадку, калі згубіўся; прывіваць элементарныя навыкі бяспечных паводзін па-за домам;
- навучанне правільным паводзінам з чужымі людзьмі, бяспечным зносінам з жывёламі;
- фарміраванне ўмення аказваць дапамогу сабе і другім пры траўмах, атрыманых у выніку надзвычайнага выпадку.
Выклік ілжывы, адказнасць рэальная
Тэлефон ратавальнікаў 101 або 112. Гэтыя нумары добра знаёмыя, як дарослым, так і дзецям, бо своечасовы выклік работнікаў МНС нярэдка ратуе жыццё чалавека і маёмасць. Але бываюць выпадкі, што гэты нумар станавіцца інструментам для свавольства і пястоты. Каштоўны час, які траціцца марна, пакуль пажарныя падраздзяленні едуць да месца памылковага выкліку, дзе на самай справе ўзгарання няма, а іх дапамогі могуць чакаць людзі, чые жыцці знаходзяцца ў “чэпкіх лапах бязлітаснага і падступнага агню”. Таму тут трэба папярэдзіць кожнага, бо свавольствам такога роду могуць заняцца не толькі дзеці. “Не жартуйце, бо гэта можа закрануць Вас! – кожны раз паўтараюць выратавальнікі, - набіраючы нумар экстранай службы, заўсёды памятайце - ўсе размовы запісваюцца. На сённяшні дзень сучасныя тэхнічныя сродкі дапамагаюць вельмі лёгка вылічыць тэлефонных хуліганаў і прыцягнуць іх да адказнасці за заведама ілжывае паведамленне.
Вельмі часта званкі “аб аб неіснуючых пажарах ці закладзеных выбуховых прыладах” здзяйсняюцца непаўналетнімі. Камусьці цікава паглядзець, як хутка на званок адрэагуюць спецыяльныя службы, хтосьці думае пазбегнуць кантрольнай работы ў школе, а хтосьці проста захацеў пажартаваць. У гэтым выпадку ўжо дарослыя павінны ведаць, што калі іх “пажартаваўшаму” чаду не споўнілася 14 год, адміністрацыйную адказнасць за яго дзеянні нясуць бацькі, а само дзіця ставяць на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх.
Не варта забываць і пра тое што артыкул 17.6 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае адказнасць за замедама ілжывае паведамленне і цягне накладанне штрафу ў памеры ад чатырох да пятнаццаці базавых велічынь. Тое ж дзеянне, учыненае паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне, - цягне накладанне штрафу ў памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь.
Будучыня дзіцяці – у нашых руках!
Рэдка калі ў стужцы навін за дзень не знойдзеш трагічнага выпадку з удзелам дзяцей. У такіх навін заўсёды высокі рэйтынг і колькасць праглядаў зашкальвае. Бо жыццё і здароўе дзяцей не могуць не хваляваць. Мы чытаем пра гэтыя няшчасныя выпадкі, суперажываем, спачуваем, але не можам адвязацца ад думкі, што гэта - чужая гісторыя. Але, напэўна, трэба было б паглядзець на ўсё з іншага боку, спраецыраваць сітуацыю на сваё асяроддзе, пачуць папераджальны званочак і зрабіць крок насустрач бяспецы. У гэтым выпадку галоўную ролю павінна выконваць сям’я. Менавіта самыя блізкія людзі – бацькі – абавязаны навучыць дзіця жыць ў бяспецы і не рабіць неабдуманых учынкаў. Важна расказаць і растлумачыць малым, як небяспечна гуляць з агнём. Бацькі павінны знайсці час для правядзення з дзецьмі “хвілінак бяспекі” і ў гульнявой форме растлумачыць элементарныя правілы пажарнай бяспекі. А менавіта:
запалкі і запальнічкі прызначаны для гаспадарчых патрэб. Яны не могуць служыць прадметам для гульняў, і, без патрэбы, іх браць зусім не варта;
нават адна маленькая іскрынка можа стаць прычынай вялікага пажару. Таму не дапускайце ўзнікнення нават невялікага агню ў памяшканні;
калі ў кватэры пачаўся пажар, а дарослых няма, уцякай далей ад агню. Калі кватэра не зачынена не задумваючыся, выходзь з яе;
уцякаючы з палаючага пакоя, не забудзь зачыніць дзверы, каб агонь не распаўсюдзіўся па ўсёй кватэры;
калі дзверы дома зачынены і выйсці няма ніякай магчымасці, крычы ў акно, кліч на дапамогу;
нават калі вам вельмі страшна знаходзіцца ў падпаленай кватэры, не трэба хавацца пад ложак, у шафу ці іншыя таемныя месцы, бо пажарным будзе вельмі цяжка вас знайсці і выратаваць;
калі апяклі руку, пастаўце яе пад струмень халоднай вады і клічце дарослых на дапамогу;
калі загарэлася адзенне, падайце на зямлю або падлогу і катайцеся па ёй, пакуль агонь цалкам не патухне. Калі пажар у вашым пад’ездзе, не выходзьце з кватэры. Адчыніце балкон, акно ці хаця б фортку і клічце на дапамогу;
калі ў доме пажар, не карыстайцеся ліфтам. Ён можа спыніцца паміж паверхамі, а вы апыняцеся ў самай сапраўднай пастцы;
падвалы, адрыны і гарышчы – не лепшыя месцы для гульняў, а тым больш, калі гэтыя гульні з агнём;
электрапрыборы, уключаныя ў сетку, нельга пакідаць без нагляду, таму што яны часта становяцца прычынай пажару.
Неабходна тлумацыць дзецям, што гэтыя правілы ніколі нельга забываць, пра іх патрэбна расказаць сваім таварышам і патрабаваць, каб яны таксама іх выконвалі.
Паважаныя бацькі, бабулі і дзядулі! Ні ў якім разе не пакідайце дзяцей адных, а таксама не будзьце раўнадушнымі і абыякавымі да сем’яў нядбайных суседзяў, бо іх дзеткі ні ў чым не вінаватыя. Беражыце жыццё дзяцей!
Пажар ў лесе. Чаму гэта здараецца?
Вельмі актуальнай ў летні перыяд з’яўляецца праблема узнікнення пажараў у лясах і на тарфяніках. Цяжка, ды парой проста немагчыма падлічыць усе прамыя і ўскосныя страты, якія ўзнікаюць з прычыны лясных пажараў. Агонь знішчае звяроў і птушак, ягаднікі і грыбніцы, паслабляе лясныя масівы. Таму перш, чым кінуць запалку, варта падумаць, якія непапраўныя страты нанясуць прыродзе гэтыя дзеянні!
Як не сумна, але штогод лясныя пажары здараюцца і іх колькасць павялічваецца ў выхадныя дні, калі людзі накіроўваюцца адпачываць на прыроду. Вось чаму хочацца нагадаць: адпраўляючыся на прыроду,праяўляйце акуратнасць, ахоўвайце лес ад пажару.
Памятайце: месцы для развядзення вогнішча вызначаюцца і абазначаюцца толькі работнікамі лясной гаспадаркі. А вось развядзенне вогнішча ў неабазначаным месцы з’яўляецца парушэннем правілаў пажарнай бяспекі і караецца штрафам нават тады, калі гэта не стала прычынай пажару.
Пры гарэнні торфу ўзнікае небяспека падземных пажараў, якія распаўсюджваюцца ў розныя бакі. Здольнасць торфу самазагарацца і гарэць без доступу паветра нават пад вадой уяўляе вялікую небяспеку. Над тарфяннікамі, якія гараць, магчыма ўтварэнне “слупавых завіхрэнняў” гарачага попелу і тарфянога пылу, якія пры моцным ветры пераносяцца на вялікія адлегласці і выклікаюць новыя загаранні.
Асобы, вінаватыя ў парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, у залежнасці ад характару парушэнняў і наступстваў, могуць быць прыцягнуты да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці.
Калі вы выявілі пажар – пастарайцеся яго патушыць самі. Іншы раз дастаткова затаптаць полымя, засыпаць яго пяском. Калі ж самастойна гэта зрабіць не ўдаецца, неадкладна тэлефануйце выратавальнікам па нумары 101 ці 112.
Тут неабходна таксама нагадаць, што рабіць, калі аказаліся ў непасрэднай блізкасці ад пажару ў лесе ці на тарфяніку? Выходзьце на дарогу, прасеку ці да берага ракі перпендыкулярна накірунку руху агню. Выйшаўшы на адкрытую прастору, дыхайце чыстым паветрам ля зямлі. Ррт і нос прыкрыйце мокрай анучкай, насоўкай. Калі няма адкрытых участкаў, то крочце на ўчастак лісцевага лесу, ён, у параўнанне з хваёвым, слаба гарыць. Калі немагчыма ўцячы ад пажару, зайдзіце ў ваду ці накрыйцеся мокрым адзеннем. Заўсёды памятайце, што ваша бяспека – у Вашых руках!.